У Гомелі адкрыта новая вяслярная база
Сучасны спартыўны аб’ект, на будаўніцтва якога накіравана Br8 млрд., аснашчаны ўсім неабходным абсталяваннем і інвентаром. У распараджэнні спартсменаў спецыяльныя трэнажоры для трэніровак на вадзе ў зімовы перыяд, трэнажорныя залы агульнафізічнай падрыхтоўкі, зала гульнявых відаў спорту.
“Гэта база, як і нядаўна адкрыты ў Брэсце вяслярны канал, будзе эталонам для будаўніцтва такіх аб’ектаў у іншых рэгіёнах Беларусі”, - адзначыў на цырымоніі адкрыцця старшыня праўлення Нацбанка Пётр Пракаповіч, які з’яўляецца старшынёй Беларускай федэрацыі веславання. Стварэнне трывалай матэрыяльнай базы, упэўнены Пётр Пракаповіч, дасць магчымасць не толькі значна павысіць узровень майстэрства вядучых беларускіх спартсменаў, але і ў 2,5 - 3 разы павялічыць колькасць тых, хто займаецца гэтым відам спорту, прывіць моладзі здаровы лад жыцця.
Цяпер у Гомелі прадаўжаюцца работы па будаўніцтву вяслярнага канала, які плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў пачатку 2008 года. На чарзе, паводле слоў старшыні Гомельскага аблвыканкама Аляксандра Якабсона, будаўніцтва вяслярных баз у Мазыры, Жлобіне і Рагачове. Такая павышаная ўвага да развіцця веславання ў Гомельскай вобласці тлумачыцца незвычайнай папулярнасцю гэтага віду спорту ў названым рэгіёне. Дастаткова ўспомніць, што першым алімпійскім чэмпіёнам сярод беларускіх спартсменаў стаў у 1960 годзе вясляр з Гомеля Леанід Гейштар. А ўсяго прадстаўнікі вобласці на Алімпійскіх гульнях, чэмпіянатах, кубках і пяршынствах свету і Еўропы заваявалі 32 залатыя, 17 сярэбраных і 21 бронзавы медаль. У складзе нацыянальнай зборнай каманды па вяслярных відах спорту цяпер 56 спартсменаў з Гомельскай вобласці - самае высокае прадстаўніцтва сярод рэгіёнаў Беларусі.
Будаўніцтва вяслярнай базы вялося за кошт сродкаў Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь і Гомельскага аблвыканкама.